Архив рубрики «Інфармацыйныя старонкі»
У ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава” нашага горада працуе музей гісторыі і культуры Барысаўшчыны.
Напісанне яго гісторыі пачалося 6 верасня 1993г. як мастацка-этнаграфічнага музейя-студыі. Асновай тагачаснай экспазіцыі з’яўляўся збор прадметаў побыту, інструментаў і прыладаў працы, якімі карысталася на Барысаўшчыне ў паўсядзённым жыцці яе насельніцтва ў І палове ХХ ст. Экспанаты прыносілі ў будучы музей вучні, настаўнікі і іншыя работнікі нашай установы. З 2005г. па 2008г. вялася рэканструкцыя памяшкання, а таксама ішло стварэнне новых экспазіцый.
Сёння дзейнічаюць этнаграфічная экспазіцыя, экспазіцыя, прысвечаная беларускаму пісьменніку Янку Маўру (Івану Міхайлавічу Фёдараву), экспазіцыя “Гісторыя населеных пунктаў нашага краю”, а таксама экспазіцыя “Мастацкая, дэкаратыўна-прыкладная і навуковая творчасць вучняў і настаўнікаў”. Агульная колькасць адзінак захавання, як асноўнага, так і дадатковага фондаў, дасягнула лічбы 262.
Этнаграфічная экспазіцыя складаецца з экспанатаў як той першай экспазіцыі, так і новых. У ёй прадстаўлены будаўнічыя інструменты: дрыль, гэблі, пілы, каваны малаток і цясло; неабходныя для вырабу тканіны з лёну церніца, трапло, матавіла, прасніца з верацёнамі і самапрадка. Знаходзяцца тут і драўляныя ступа з таўкачамі, начоўкі, апалушка, збівалка, таўкачык, сальніца, лыжкі і апалонік, металічныя сярпы, самавар, сахор, бязмен, спружынныя нажніцы, восці, самаробны бубен, а таксама бандарныя вырабы дзяжа і цэбар, плеценыя з дранкі і лубу кошы і лапці. Значную частку этнаграфічнай экспазіцыі складаюць вырабы з тканіны і нітак: адзенне, дарожкі, сурвэткі, карункі, ручнікі, посцілкі, палавікі.
Экспазіцыя, прысвечаная Янку Маўру, які ў 1905 – 1906 гадах працаваў у Бытчанскай народнай вучэльні памочнікам настаўніка, налічвае такія прадметы, як пісьмовы стол, стул, кніжная паліца, фотаздымкі сям’і пісьменніка, фотакопіі аўтографаў верша Я.Коласа “Майму свату” і старонкі аповесці Я.Маўра “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, насценны гадзіннік з боем, а таксама падарункі пісьменніку ад чытачоў: ваза з партрэтам А.С. Пушкіна, статуэтка “Футбаліст” і насценная карціна. У другой частцы экспазіцыі прадстаўлены асабовыя рэчы пісьменніка: шалік, дзве кашулі, халат, шляпа, два гальштукі, пальчаткі, а таксама талерка, міска і сподак з кубкам, якімі карыстаўся Я.Маўр. Прадстаўлена тут і мэбля са спальні: тахта з дываном, туалетны столік і крэсла.
Экспазіцыя “Гісторыя населеных пунктаў нашага краю” ўтрымлівае ў сабе фотакопіі партрэтаў такіх былых землеўладальнікаў на Барысаўшчыне, як Ян Мікалай, Мікалай Ян, Мікалай Юры і Кшыштоф Радзівілы, Яўстах Тышкевіч, Яўхім Храптовіч, Леў Сапега, Баліслаў Бачызмальскі. Ёсць тут і фотакопіі малюнкаў генеалагічнага дрэва роду Сержпутоўскіх, якім належыў маёнтак Сержпутова, сядзібных палацаў Радзівілаў у Старабарысаве і Тышкевічаў у Лагойску, гаспадарчых пабудоў у фальварку Весялова, плана маёнтка Слізеняў у Мсціжы, фотакопія старонкі Інвентару маёнтка Смаляры (1844 г.), фотакопіі здымкаў сядзібных дамоў Свідаў і Цюндзявіцкіх, лямуса ў маёнтку Глівін і свірана ў Кішчынай Слабадзе, уцалелых гаспадарчых пабудоў былых маёнткаў у Забашавічах і Дзедзелавічах, а таксама рэшткаў аднаго з будынкаў былога маётка Сержпутоўскіх.
Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і жывапіс, якія належаць работнікам гімназіі, прадстаўлены ў экспазіцыі “Мастацкая, дэкаратыўна-прыкладная і навуковая творчасць вучняў і настаўнікаў”. Сярод аўтараў прзвішчы Абрамавай М,М., Бусел І.У., Вафінай В.М., Геллер Ф.М., Лапо Г.У., Дзядковай Л.М., Паўлавец Л.А., Сячко Л.М. Тут мы можам убачыць работы розных жанраў: аплікацыю саломкай, габелен, вышыванку, работы з выкарыстаннем бісера і стразаў, выцынанку, вязанне з нітак, кераміку. Займаюць сываё пачэснае месца і карціны, для напісання якіх выкарыстаны алей, гуаш, туш, акварэль. Усе гэтыя работы аб’яднаныя пачуццем радасці, чаканнем прыходу чагосьці добрага і светлага. Таму і не выпадкова, што выстава і атрымала назву “Вясновы настрой”.
У далейшых планах Савета нашага музея адкрыццё такіх экспазіцый, як “Культавыя пабудовы Барысаўшчыны ў мінулым і сёння”, “Старажытная Барысаўшчына” і “Мастацтва і рамёствы на Барысаўшчыне”.
Запрашаем наведаць наш музей. А калі ў каго-небудзь ёсць прапановы па яго развіццю і камплектаванню, звяртайцеся да нас па адрасе: г. Барысаў, вул. Н-Нёман, 22, тэлефон 8 (177) 722757.
Калі ласка!
Савет музея.
Тэгі:Музей, ФотаздымкiМова продкаў нашых і нашчадкаў – Шэпт дубровы і пчаліны звон, – Нам цябе ласкава і ашчадна Спазнаваць ажно да скону дзён… Г.Бураўкін
Утульны будынак на беразе Схі, да якога кожную раніцу гаманлівымі ручайкамі сцякаюцца дзеці… Сцякаюцца, каб пазнаць свет, пазнаць сэнс жыцця. Вось ужо 17 гадоў гасцінна расчыняе дзверы ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава” сваім выхаванцам. Гімназія – той асяродак, той невялічкі астравок, дзе пачынаецца ўсведамленне прыналежнасці да нацыі, яе слова, яе культуры.
Сённяшняя сацыяльна-эканамічная сітуацыя прад’яўляе высокія патрабаванні да якасці нацыянальнай адукацыі. За семнаццаць гадоў існавання ўстановы накоплены значны педагагічны, метадычны і прафесійны вопыт.
Адукацыйная мадэль і сістэма дадатковай адукацыі, што склаліся ў гімназіі, здольны абазначыць тую індывідуальную траекторыю, якая забяспечвае асобаснае развіццё кожнага навучэнца. Дзейнасць навуковага таварыства “Светач” актывізуе пазнавальную, пошукава-даследчую работу. Педагогі маюць магчымасць працаваць індывідуальна са сваімі вучнямі і развіваць іх інтэлектуальны патэнцыял, што ўплывае на вынікі навучання. Выпускнікі атрымліваюць дастаткова высокія рэзультаты на ЦТ, што дае ім магчымасць станавіцца студэнтамі розных вышэйшых навучальных устаноў.
Нашы вучні займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных алімпіядах, яны неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі і прызёрамі рэспубліканскіх, а таксама міжнародных алімпіяд. Гімназісты паспяхова выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях розных узроўняў: раённым, абласным, рэспубліканскім. Сярод вучняў нямала пераможцаў творчых конкурсаў.
Вучыцца роднаму слову і навучаць яму – высакародная справа. Імкненне глыбей спазнаць шматвекавую духоўную спадчыну свайго народа – вось што яднае настаўнікаў і вучняў, а пытанні адраджэння і захавання нацыянальнай культуры і мовы стаяць у якасці галоўных. На базе гімназіі адкрыты вучэбна-метадычны цэнтр беларускай культуры, дзейнічае краязнаўчы музей з экспазіцыяй, прысвечанай беларускаму пісьменніку Янку Маўру, музей Афганскай вайны.
Шмат увагі надаецца развіццю эстэтычнай культуры. Папулярнасцю карыстаюцца тэатр-студыя “Ў”, танцавальны калектыў “Аверс”, вакальныя ансамблі “Элегія”, “Дамісолька”, “Мара”, “Расінка”, студыі “Гліняная цацка”, “Саламяны цуд”, “Бісерапляценне”, а таксама студыі паперапластыкі і мяккай цацкі.
Пры гімназіі існуе пачатковая школа, навучанне ў якой таксама вядзецца на беларускай мове. І, як правіла, выпускнікі пачатковай школы складаюць асноўную частку сярод тых, хто паступае ў гімназію пасля заканчэння чацвёртага класа. Разам з тым, у гімназіі чакаюць і вучняў з іншых навучальных устаноў, якія змогуць паспяхова вытрымаць уступныя іспыты ва ўстаноўленыя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь тэрміны.
Кантынгент вучняу
на 2009/2010 вучэбны год
| Клас | Колькасць вучняў |
Павышаны ўзровень вывучэння прадмета праз факультатыўныя заняткі |
| 1 «А» | 20 | |
| 1 «Б» | 20 | |
| 1 «В» | 20 | |
| 1 «Г» | 20 | мастацкі |
| 2 «А» | 20 | |
| 2 «Б» | 20 | |
| 2 «В» | 20 | мастацкі |
| 2 «Г» | 20 | |
| 2 «Д» | 15 | музычны |
| 3 «А» | 23 | |
| 3 «Б» | 23 | харэаграфічны |
| 3 «В» | 23 | |
| 3 «Г» | 24 | тэатральны |
| 4 «А» | 21 | |
| 4 «Б» | 20 | мастацкі |
| 4 «В» | 18 | |
| 4 «Г» | 20 | |
| Усяго 17 | 347 | |
| 5 «А» | 21 | |
| 5 «Б» | 23 | |
| 5 «В» | 21 | |
| 6 «А» | 19 | |
| 6 «Б» | 17 | |
| 6 «В» | 13 | |
| 7 «А» | 21 | |
| 7 «Б» | 17 | |
| 7 «В» | 20 | |
| 8 «А» | 20 | |
| 8 «Б» | 18 | |
| 8 «В» | 17 | |
| 9 «А» | 23 | |
| 9 «Б» | 19 | |
| 9 «В» | 16 | |
| Усяго 15 | 284 | |
| 10 «А» | 26 | філалагічны накірунак (беларуская мова) |
| 10 «Б» | 26 | фізіка-матэматычны накірунак |
| 11' «А» | 18 | |
| 11' "Б" | 20 | |
| 11' «В» | 20 | |
| Усяго 5 | 110 | |
| Усяго па гімназіі 37 |
741 |








