Get Adobe Flash player

У ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава” нашага горада працуе музей гісторыі і культуры Барысаўшчыны.

Напісанне яго гісторыі пачалося 6 верасня 1993г. як мастацка-этнаграфічнага музейя-студыі. Асновай тагачаснай экспазіцыі з’яўляўся збор прадметаў побыту, інструментаў і прыладаў працы, якімі карысталася на Барысаўшчыне ў паўсядзённым жыцці яе насельніцтва ў І палове ХХ ст. Экспанаты прыносілі ў будучы музей вучні, настаўнікі і іншыя работнікі нашай установы. З 2005г. па 2008г. вялася рэканструкцыя памяшкання, а таксама ішло стварэнне новых экспазіцый.

Сёння дзейнічаюць этнаграфічная экспазіцыя, экспазіцыя, прысвечаная беларускаму пісьменніку Янку Маўру (Івану Міхайлавічу Фёдараву), экспазіцыя “Гісторыя населеных пунктаў нашага краю”, а таксама экспазіцыя “Мастацкая, дэкаратыўна-прыкладная і навуковая творчасць вучняў і настаўнікаў”. Агульная колькасць адзінак захавання, як асноўнага, так і дадатковага фондаў, дасягнула лічбы 262.

Этнаграфічная экспазіцыя складаецца з экспанатаў як той першай экспазіцыі, так і новых. У ёй прадстаўлены будаўнічыя інструменты: дрыль, гэблі, пілы, каваны малаток і цясло; неабходныя для вырабу тканіны з лёну церніца, трапло, матавіла, прасніца з верацёнамі і самапрадка. Знаходзяцца тут і драўляныя ступа з таўкачамі, начоўкі, апалушка, збівалка, таўкачык, сальніца, лыжкі і апалонік, металічныя сярпы, самавар, сахор, бязмен, спружынныя нажніцы, восці, самаробны бубен, а таксама бандарныя вырабы дзяжа і цэбар, плеценыя з дранкі і лубу кошы і лапці. Значную частку этнаграфічнай экспазіцыі складаюць вырабы з тканіны і нітак: адзенне, дарожкі, сурвэткі, карункі, ручнікі, посцілкі, палавікі.

Экспазіцыя, прысвечаная Янку Маўру, які ў 1905 – 1906 гадах працаваў у Бытчанскай народнай вучэльні памочнікам настаўніка, налічвае такія прадметы, як пісьмовы стол, стул, кніжная паліца, фотаздымкі сям’і пісьменніка, фотакопіі аўтографаў верша Я.Коласа “Майму свату” і старонкі аповесці Я.Маўра “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, насценны гадзіннік з боем, а таксама падарункі пісьменніку ад чытачоў: ваза з партрэтам А.С. Пушкіна, статуэтка “Футбаліст” і насценная карціна. У другой частцы экспазіцыі прадстаўлены асабовыя рэчы пісьменніка: шалік, дзве кашулі, халат, шляпа, два гальштукі, пальчаткі, а таксама талерка, міска і сподак з кубкам, якімі карыстаўся Я.Маўр. Прадстаўлена тут і мэбля са спальні: тахта з дываном, туалетны столік і крэсла.

Экспазіцыя “Гісторыя населеных пунктаў нашага краю” ўтрымлівае ў сабе фотакопіі партрэтаў такіх былых землеўладальнікаў на Барысаўшчыне, як Ян Мікалай, Мікалай Ян, Мікалай Юры і Кшыштоф Радзівілы, Яўстах Тышкевіч, Яўхім Храптовіч, Леў Сапега, Баліслаў Бачызмальскі. Ёсць тут і фотакопіі малюнкаў генеалагічнага дрэва роду Сержпутоўскіх, якім належыў маёнтак Сержпутова, сядзібных палацаў Радзівілаў у Старабарысаве і Тышкевічаў у Лагойску, гаспадарчых пабудоў у фальварку Весялова, плана маёнтка Слізеняў у Мсціжы, фотакопія старонкі Інвентару маёнтка Смаляры (1844 г.), фотакопіі здымкаў сядзібных дамоў Свідаў і Цюндзявіцкіх, лямуса ў маёнтку Глівін і свірана ў Кішчынай Слабадзе, уцалелых гаспадарчых пабудоў былых маёнткаў у Забашавічах і Дзедзелавічах, а таксама рэшткаў аднаго з будынкаў былога маётка Сержпутоўскіх.

Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і жывапіс, якія належаць работнікам гімназіі, прадстаўлены ў экспазіцыі “Мастацкая, дэкаратыўна-прыкладная і навуковая творчасць вучняў і настаўнікаў”. Сярод аўтараў прзвішчы Абрамавай М,М., Бусел І.У., Вафінай В.М., Геллер Ф.М., Лапо Г.У., Дзядковай Л.М., Паўлавец Л.А., Сячко Л.М. Тут мы можам убачыць работы розных жанраў: аплікацыю саломкай, габелен, вышыванку, работы з выкарыстаннем бісера і стразаў, выцынанку, вязанне з нітак, кераміку. Займаюць сываё пачэснае месца і карціны, для напісання якіх выкарыстаны алей, гуаш, туш, акварэль. Усе гэтыя работы аб’яднаныя пачуццем радасці, чаканнем прыходу чагосьці добрага і светлага. Таму і не выпадкова, што выстава і атрымала назву “Вясновы настрой”.

У далейшых планах Савета нашага музея адкрыццё такіх экспазіцый, як “Культавыя пабудовы Барысаўшчыны ў мінулым і сёння”, “Старажытная Барысаўшчына” і “Мастацтва і рамёствы на Барысаўшчыне”.

Запрашаем наведаць наш музей. А калі ў каго-небудзь ёсць прапановы па яго развіццю і камплектаванню, звяртайцеся да нас па адрасе: г. Барысаў, вул. Н-Нёман, 22, тэлефон 8 (177) 722757.

Калі ласка!

Савет музея.

Тэгі:,

Комментарии запрещены.

Афіцыйныя сайты
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛМинистерство образования Республики Беларусь Минский городской методический порталДетский правовой сайтИнтернет портал "Молодежь Беларуси"
Статыстыка
Google sitemap